Разумей мяне

Зразумей мае песні, свабода
Я хачу да аблокаў узняцца,
І пачуць пра жыццё і прыгоды,
А не вечна на месцы таптацца.

Дзе снягі на вятрах зіхацяцца,
Дзе пылаюць гарачыя сэрцы,
Я пабачыў цябе праз туманы
І прыйшоў да цябе ў люстэрцы.

Разумей мае песні, каханне,
Я цябе заклікаю быць вечным,
Не сыходзь ад мяне ціхай зданню,
Не губляй мяне пасля сустрэчы.

Не знікай у бясконцасці, стужка,
Будуць шчырымі нашыя словы
Будзе верна, бясконца і слушна
Наша хваля нас несці да мовы.

Наш гадзіннік прачнецца а восьмай,
А на кухне прачнецца гарбата.
Мы нікому не будзем зайздросціць,
Будзем жыць мы і дыхаць зацята.

А на вуліцы - снежнае царства,
А насустрач натоўпу - самота.
І знікае ў шуме грамадства,
У метро, нібы ў багне балотнай.

Я пабачыў цябе праз туманы
І прыйшоў да цябе ў люстэрцы.

Паўночны вецер

Паўночным ветрам нас нясе на край.
Наперадзе зямля ўжо імгліцца.
На тым халодным мысе ты чакай,
Сустрэчы той, што абяцае збыцца.

Мой курс на Поўнач, наш з табою рай,
Дзе снег на сонцы цэлы год іскрыцца.
Звычайны лес, за холад выбачай,
Агеньчык, комін, сонейка садзіцца.

Адплыць падалей ад усіх пакут
Туды, дзе ўсё па-іншаму вядзецца
І, можа быць, не родны гэта кут,
Затое мне спакойна тут жывецца.

Мой карабель плыве ў халодны акіян
Вядзе мяне да той далёкай зоркі
Павер, каханне наша  - не падман.
І вецер толькі мне спявае звонкі.

Да твайго сэрца я знайду маршрут.
Каханне пераможа злыя хвалі.
Я ведаю, што шчасце будзе тут,
І нас з табой яно ўжо чакае.

Твае ноты

Пішу імя тваё на аркушы паперы
І думкі пра цябе я пасылаю ў неба
Адтуль дажджом ляцяць яны, я веру,
І ты адчуеш гэта так, як было трэба.

Кроплі з тваіх вачэй патрапяць ў мора,
Ты паплывеш ў акіяне сумных сноў.
Няхай не вернешся ніколі ў гэты горад,
Але адчуеш горыч ветру з тых краёў.

Кранай за струны сэрцаў чалавечых,
Спявай сусвету аб сваіх пачуццях.
Ты будзеш марай для вачэй хлапечых,
Віном салодкім і хмяльным атруццем.

Такая ў нашай кнізе ёсць старонка,
Дзе змешчаны жыцця святыя словы.
Няхай далей твой голас льецца звонка,
Я буду слухаць ноты тваёй мовы.