Ты ездзіш тымі ж цягнікамі, што і я
Уночы з Менску-Мінску ды назад,
Гадзіны лічыш днямі, ну а я
Так проста адпачыць дарогай быў бы рад.
Імгненні разрываюць у вакне вільготны лістапад,
Секунды цягнуцца нібы гады,
А колькі думак едзе з намі і ўсплывае неўпапад,
А ты ўжо спіш, паразмаўляць бы, але ж ты...
Глядзіш у цемру, думаеш: "Ці браць бялізну?"
Бывае душна, свет міргае, нібы ў фільме жахаў
А ты глядзіш у нікуды і думаеш, што свет вялізны,
Калі ўжо ад'язджаеш ад сталічных гмахаў...
То вёска ў цемры свеціць, то прыпынак,
І думаеш, жыццё нібыта гэта падарожжа
Нясе цябе ў цемру, у краіне ценяў,
А ты глядзіш і марыш аб чым толькі можна.
Нібыта зімні вецер цягніку спявае,
Здавалася, што спіш, ды раптам вось прыехаў.
І на пероне цябе нехта сустракае,
Кладзецца снег на сцежку і на стрэхі.
Імгненнем пераходзіш мост дадому,
Пад мостам на машыне тата ці матуля,
І раптам забываешся на стому,
Ды ад праблем знаходзіш паратунак.